ТЮЗ

Контакты

ул. Энгельса, 26

+375 17 242-77-31

Театр юного зрителя

Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр юнага гледача мае больш за паўвекавую гісторыю. Першы Тэатр юнага гледача адчынены ў Мінску ў 1931 г. і праіснаваў да ліпеня 1941 г. У 1956 г. Беларускі ТЮГ адкрыў свае дзверы ізноў, а ў 2006 г. афіцыйна адзначалася ягонае пяцідзесяцігоддзе. Маштабная рэканструкцыя, якая распачалася напрыканцы 2010 г., паспяхова завяршылася ў 2015 г. Аблічча архітэктурнага помніка, якім з’яўляецца будынак ТЮГа, цалкам захавалася. З 1 чэрвеня 2015 г. тэатр аднавіў паказы спектакляў на сваёй сцэне. 
 

 

Вядома, што да Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску працаваў Тэатр юнага гледача БССР (з 1939 года – імя Н.К. Крупскай). Ёсць яшчэ і тыя,  хто бачыў яго спектаклі. Тэатр быў створаны ў красавіку 1931 года пры Доме камсамола. Яго арганізатарам стаў вядомы рэжысёр Мікалай Кавязін (на той час – энтузіяст тэатральнага мастацтва, настаўнік малявання і кіраўнік драматычнага гуртка чыгуначнай школы).

 

У 1937 годзе тэатр узначаліў вядомы рэжысёр і педагог Еўсцігней Міровіч, а ў 1941 годзе, незадоўга перад вайной,  – славуты акцёр і рэжысёр Міхаіл Зораў. Тэатр быў вядомы не толькі ў Беларусі. Самы малады, ён увайшоў у лік шаснаццаці лепшых тэатраў краіны, якія паказвалі свае спектаклі на заключным туры Усесаюзнага агляду тэатраў для дзяцей у Маскве (“Цудоўная дудка” В. Вольскага, лістапад 1940 года).

 

Да Усесаюзнага агляду была выдадзена брашура пра тэатр (“Тэатр юнага гледача імя Н.К. Крупскай. Мн., 1940). Нарыс пра ТЮГ змешчаны ў падрыхтаванай да Дэкады беларускага мастацтва ў Маскве (чэрвень 1940) кнізе “Искусство Советской Белоруссии” (Мн., 1940). У раздзеле “Драматические театры Белоруссии» (аўтары В. Вольскі, Я. Рамановіч, А. Сегедзі) расказана пра стварэнне тэатра, спектаклі (асабліва з 1937 г.). Падрабязна пра ТЮГ ёсць у “Гісторыі беларускага тэатра” (Мн., 1985, Т.2). Творчай дейнасці тэатра прысвечана кніга С. Пятровіча “Дзіцячы тэатр БССР (1931 – 1941 гг.)” (Мн., 1983). Яна задумана была аўтарам  (у 1981 г. пайшоў з жыцця), як першая частка кнігі пра Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача. Каротка дзейнасць даваеннага ТЮГа выкладзена ў брашуры, падрыхтаванай да 50-годдзя сучаснага тэатра – “Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача” (Мн, 2006).

 

Вялікая Айчынная вайна спыніла дзейнасць тэатра. Як вынікае з Дакладной запіскі ад 22 сакавіка 1943 года в.а. начальніка Упраўлення па справах мастацтва пры СНК СССР Е.І.Уралавай старшыні Камітэта па справах мастацтва пры СНК СССР  М.Б. Храпчанку аб аднаўленні тэатральнай сеткі БССР, намячалася на працягу 1-й паловы 1943 года аднавіць тры тэатры: Дзяржаўны драматычны рускі тэатр БССР, Брэсцкі абласны рускі тэатр і Дзяржаўны беларускі тэатр юнага гледача (Нац. Архіў. Ф.799 П.Воп.1 Спр.2. С.9   ці "Белорусы в советском тылу". Июль 1941 г. – 1944 г. Сб. документов и материалов. – Вып.2. 1943 г. – 1944 г. Мн., 2010.). Але гэтага не адбылося. З трох тэатраў быў адноўлены толькі Рускі.

 

У 1949 г. пра неабходнасць аднаўлення ТЮГа нагадала пісьменніца, дзеяч культуры Зінаіда Бандарына, выступіўшы ў газеце “Літаратура і мастацтва” 8 кастрычніка з артыкулам “Тэатральнае мастацтва дзецям”. Яна пісала: “У перыяд Вялікай Айчыннай вайны некаторыя тэатры юных гледачоў вымушаны былі часова расфарміравацца. Аднак у першыя пасляваенныя гады яны аднавілі сваю дзейнасць… Ва ўсіх саюзнах рэспубліках працуюць… Усім вядома, што і ў Мінску да вайны быў ТЮГ, які на ўсесаюзным аглядзе дзіцячых тэатраў заняў адно з першых месц… абслугоўваў дзясяткі тысяч юных гледачоў. Узнікае пытанне, чаму да гэтага часу ён не аднаўляе сваю дзейнасць?.. А шматлікія юныя гледачы пазбаўлены дзіцячага тэатра.”

 

У 1951 годзе на Бюро ЦК КП (б) Беларусі (пратакол пасяджэння № 139 ад 2 сак. – Нац. архіў. Ф.4П, воп.81, спр.405, л.27) была прынята пастанова: “1. Пабудаваць у 1951-52 гг. ў г. Мінску дзіцячы рэспубліканскі тэатр, выкарыстаўшы дзеля гэтага каробку, што належыць Мінскаму Палацу піянераў.” Поўнае завяршэнне будаўніцтва  – 1952-ім годзе.

 

Нарэшце, 22 верасня 1955 г. быў падпісаны загад Міністра культуры БССР Р.Я. Кісялёва аб стварэнні Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача. Уладзімір Стэльмах, які быў празначаны дырэктарам тэатра (ў даваенным ТЮГу ён служыў акцёрам і заглітам), вельмі хацеў, каб не парывалася сувязь з даваенным тэатрам, каб сучасны тэатр стаў працягам яго дзейнасці. Але ж кіраўніцтва рэспублікі вырашыла інакш. Прыводзіліся довады на карысць новага жыцця ТЮГа: мінула ўжо столькі часу, тэатр ствараецца нанова, у яго новы мастацкі кіраўнік (Любоў Мазалеўская) і новы калектыў (аснову трупы склалі выпускнікі яе курса Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута). Гэткай была афіцыйная версія.

 

Але была і неафіцыйная. Пра яе даведалiся ў 1990-я гады. Артур Вольскі (сябра тэатра з яго адкрыцця, драматург, дырэктар, нязменны загліт) расказаў, што справа ў тым, што ў час вайны частка акцёраў была ў акупаваным Мінску, і працавалі яны ў Гарадскім тэатры. У матэрыялах партархіву захоўваецца складзены Спіс работнікаў мастацтва, якія знаходзіліся і працавалі ў Мінску. У раздзеле “драма” ёсць прозвішчы акцёраў ТЮГа і пазначана, што працавалі яны ў Гарадскім тэатры (Нац. Архіў. Ф.4П, воп.47, спр.4, л.183). Дарэчы, ніхто з тюгаўцаў пад час вызвалення Беларусі нікуды не эміграваў.

 

Безумоўна, пераемнасць даваеннага і сучаснага тэатраў юнага гледача відавочная (пра агульныя мастацка-педагагічныя прынцыпы дзейнасці тэатраў мы ўжо не будзем і гаварыць). Гэта перадусім арыентацыя на нацыянальны рэпертуар. У М. Кавязіна – спроба (праўда, няўдалая) нават на адкрыцці паказаць напісаную для тэатра п’есу “На штурм” Янкі Маўра. У 1936 г. з’явіліся “Мікола Гоман” В. Сташэўскага (п’еса і спектакль высока ацэнены крытыкай) і “Ная” М. Зарэцкага. Л. Мазалеўская заахвоціла з’яўленне п’ес Я. Пасава, А. Гутковіча і У. Хазанскага, А. Вольскага і П. Макаля, І. Козела (“Папараць-кветка” – візітоўка тэатра на шмат гадоў. Дыплом 1 ступені Усесаюзнага фестывалю тэатраў юнага гледача ў 1958 г.). Сучасны тэатр, як і даваенны пад кіраўніцтвам Е.Міровіча (пасля рэфармавання) у 1937 г., адкрыўся спектаклем “Як гартавалася сталь” паводле М. Астроўскага. Двойчы ставіліся  ўжо згаданая “Цудоўная дудка” В.Вольскага (у 1939 і 1968) і “Рэвізор” М. Гогаля (у 1941 г. з яго распачаў сваю працу ў тэатры новы галоўны рэжысёр М. Зораў, рэпетыцыі перапыніла вайна, а сучасны ТЮГ ставіў камедыю ў 1960 г.). Гэтаксама двойчы адбыліся і сустрэчы з галоўным тэарэтыкам і практыкам дзіцячага тэатра Аляксандрам Бранцавым. У 1933 г. М. Кавязін наладзіў паездку калектыву ў Ленінград, пазнаёміў акцёраў з А. Бранцавым і яго Тэатрам юных гледачоў;  на Усесаюзным фестывалі сустракаліся з А. Бранцавым і сучасныя тюгаўцы, а ў 1972 г. на базе тэатра ладзіліся саюзныя “Бранцаўскія чытанні”. У след даваеннага ТЮГа (удзел ва Усесаюзным аглядзе тэатраў для дзяцей у 1939) ступаў і новы тэатр, здабываючы вядомасць і прызнанне за межамі рэспублікі на Усесаюзных фестывалях тэатраў для дзяцей (з 1958 г.). У сучасным ТЮГу служылі акцёры даваеннага ТЮГа А. Ротар, В. Окалаў, А. Якуцік, П. Бондараў, У. Говар-Бандарэнка, Л. Міхайлаў, У. Стэльмах (як дырэктар), З. Зяленка (памочнік рэжысёра), В. Станкевіч (загадчык бутафорскага цэху) А. Сагальчык (загадчык пастановачнай часткі).

 

У 1966 г. часопіс “Народная асвета” (№4) надрукаваў артыкул У. Стэльмаха “Шчыры сябар школы”: “Беларускаму тэатру юнага гледача – трыццаць пяць год. Ён быў створаны пры Мінскім доме камсамола… а першым мастацкім кіраўніком быў рэжысёр М. Кавязін… У 1941 годзе вайна абарвала творчую дзейнасць тэатра. Аднавілася яна толькі 8 красавіка 1956 года спектаклем “Як гартавалася сталь”…

 

…Вось і лічыце, колькі гадоў зараз нашаму Тэатру юнага гледача.

Читать еще

Отзывы на Театр юного зрителя

Была недавно в театре с племянником и нам очень понравилось! Здесь очень красиво и уютно, а актеры играют просто замечательно. Посмотрели спектакль "Кот в сапогах" и получили массу удовольствия. Дети, которые сидели рядом со мной, были в полном восторге и смеялись всю постановку. Я обязательно приду еще раз и порекомендую это место своим друзьям!

Чтобы оставить отзыв, вам необходимо авторизоваться